CD диски с программой «Мир Православия», цена 5 руб. тел.: 62-47-48
Частное объявление бегущей строкой на сайте! 3 дня за 3 рубля! Тел. 61-61-61

Спорт

Вынікі XX Чэмпіянату Беларусі па футзале

444

Вось і завяршыўся XX, юбілейны Чэмпіянат Беларусі па футзале. Дзякуючы таму, што ў гэтым годзе наша краіна прымала і сусветны чэмпіянат, сёлетні розыгрыш прыцягнуў да сябе новых гледачоў. 8 тураў, якія прынялі Мінск, Брэст, Гомель, Маладзечна і Пінск атрымаліся цікавымі і непрадказальнымі: амаль кожны тур змянялася становішча клубаў у турнірнай табліцы, змянялася моц той ці іншай каманды.

Нязменным справы заставаліся толькі ў «Брэстдругчармета». Дружына Леаніда Каўша з першых матчаў захапіла лідарства і паказала шыкоўны вынік, атрымаўшы перамогі ва ўсіх 20-ці сустрэчах чэмпіянату. Яшчэ тады, калі да заканчэння розыгрышу заставалася некалькі тураў, берасцейцы прадказальна аформілі чэмпіёнства. Але ж не будзем спыняцца на гэтым: аб першым месцы «Брэстдругчармета» была вядома ўжо даўно, ды і аб гэтым мы падрабязна расказалі тут і тут.

Цікава ж будзе паведаміць пра амаль сенсацыйны вынік – другое месца чэрвеньскага «Будаўніка». Яшчэ ў сярэдзіне чэмпіянату мала хто мог падумаць, што гомельскі ВРЗ, які на той момант прайграваў толькі брэсцкай камандзе, камусьці саступіць другую ступень. Здавалася, гамельчане вельмі трывала «аселі» на ёй. Але ж не тут-та было! Чым бліжэй было завяршэнне розыгрышу, тым лепш пачыналі гуляць чэрвеньцы і ўсё больш гульняў прайграваў ВРЗ. Але ж і напярэдадні апошняга тура, які адбыўся ў сталіцы Палесся – Пінску, досыць трывала трымаліся гамельчане за «серабро». Так, «Будаўніку» для атрымання другога месца трэба было набіраць як мінімум 7 балаў у трох гульнях і спадзявацца, што ВРЗ не набярэ ніводнага. Аднак футзалісты з Гомеля, ці то з-за нейкіх праблем, ці то з-за таго, што былі ўпэўнены ў сваёй недасягальнасці, на тур у Пінск не прыехалі і атрымалі дзве тэхнічныя паразы! Чэрвеньцы ж, паказаўшы сапраўды годную, арганізаваную гульню ўпэўнена перамаглі мясцовы «Бусел» і двойчы «Бабруйск». Дзякуючы гэтаму, падапечным Ігара Шыла удалося ў апошні момант абысці гамельчан і заняць ганаровае другое месца!

Несумненна, можа занесці сабе ў актыў гэты сезон і пінскі «Бусел». Добрыя ўражанні пакідае тое, як каманда , створаная толькі ў снежні мінулага года, падыходзіць да арганізацыі нават дробязей. Канешне, да самага апошняга паядынку пінчукі марылі аб медалях, але стомленасць, назбіраная за цяжкі сезон, дала аб сябе ведаць ў важнейшым матчы сезону. Можна з упэўненасцю гаварыць аб тым, што «буслы» ў наступным сезоне яшчэ прымусяць пра сябе гаварыць.

Трэба сказаць, што шансы на ўваходжанне ў тройку да апошняга заставаліся і ў яшчэ адной каманды – «Бабруйска». Гэтая каманда ў гэтым сезоне запомнілася тым, што магла з велізарным лікам прайграць сваім прамым канкурэнтам, а ў наступным туры перамагчы аднаго з лідараў. Бабруйскія футзалісты ў Пінск на завяршальны тур, відавочна, прыязджалі таксама не проста адбыць нумар, а паспрабаваць зачапіцца за месца ў тройцы лепшых. Нягледзячы на, здавалася б, разгромныя лікі 7:3 у пінскіх сустрэчах з «Будаўніком», нельга сказаць, што каманда была нашмат слабей: у некаторых момантах хлопцам з Бабруйску проста не шанцавала.

Калі нехта зазірне ў выніковую табліцу гэтага чэмпіянату, не сачыўшы за развіццём падзей, дык можа падацца, што гомельскі «БелГУТ» быў відавочным аутсайдарам. На справе ж усё было зусім не так. Прадстаўнікі горада над Сожам мала каму здаваліся без бою. Большасць сустрэч з удзелам гэтай каманды атрымоўвалася напружанай.

Такім чынам, можна гаварыць аб тым, што XX Чэмпіянат Беларусі па футзале прайшоў паспяхова. Усе каманды, якія дайшлі да «фінішнай ленты» розыгрышу, прадстаўляюць згуртаваныя, укамплектаваныя калектывы, якія маюць жаданне перамагаць і сапраўды могуць называцца лепшымі футзальнымі камандамі краіны!

прэсс-сакратар ФЗК «Бусел» Леанiд Рэбкавец

Вверх