Частное объявление бегущей строкой на сайте! 3 дня за 3 рубля! Тел. 61-61-61
Поздравления, объявления (стол заказов) – 8-(0165) 62-47-48, +375-44-569-87-47 (А1, Viber), пн. – пт. – с 8.30 до 18.00 (без перерыва на обед), сб., вск., праздничные дни — выходные

Новость дня

Віншаванне на Божае Нараджэнне Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі

Рождество - фото
1.6K

«Анёл сказаў ім: «Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць,

 якая будзе для ўсяго народу, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда

Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан» (Лк 12, 10)

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце! Людзі добрай волі!

Святкаванне Божага Нараджэння – гэта час радаснага адкрывання любові Бога і блізкіх нам людзей. Стварыцель і Адкупіцель адкрываецца нам як Той, хто прыходзіць на свет, каб быць прадказаным прарокамі «Эмануэлем» – «Богам з намі» (Іс 7,14; Мц 1, 22-25).

Гэты найвялікшы скарб усіх часоў, аб’яўлены нам ва ўбогай стаенцы ў Бэтлееме, ёсць і застанецца дарам для кожнага пакалення людзей ажно да сканчэння свету. Няхай жа радасць Евангелля – Добрай Весткі аб прыходзячым у свет Збавіцелі – напаўняе нашы сэрцы сапраўдным супакоем і жывой верай у кожны дзень надыходзячага 2020 года. Праўда аб тым, што Сын Божы прыйшоў і застаецца з намі няспынна, няхай асвятляе надзеяй кожную справу і будзе крыніцай веры ў дабро, якое заўсёды перамагае (Мц 28, 16-20). Найсвяцейшая Дзева Марыя і святы Юзаф, якія чуваюць каля ясляў Нованароджанага Дзіцятка Езуса, няхай выпрошваюць для кожнага з нас усе неабходныя Божыя ласкі і шчодрае благаслаўленне.

З нагоды надыходзячага святкавання Божага Нараджэння звяртаюся да кожнага з Вас з каляднымі і навагоднімі віншаваннямі. Няхай жа гэты час будзе для ўсіх нас такім жа радасным і прыгожым, як гэта перажывалі шматлікія мінулыя пакаленні нашых продкаў. Няхай перажыванне таямніцы Уцелаўлення Божага Сына ўносіць у нашае жыццё святло веры ў непераможнасць вечных каштоўнасцяў дабра і праўды. Няхай святкаванне Божага Нараджэння будзе для кожнага з нас не сустрэчай з прыгожым паданнем ці легендай, але станецца фактам рэальнага спаткання з Божай Любоўю, якая адзіная мае моц перамяніць розумы і сэрцы людзей на лепшае.

Ціхая і святая ноч Хрыстовага Нараджэння няхай заяснее святлом Бэтлеемскай зоркі ў нашай штодзённасці, перамяняючы сумненне ў радасць, няўпэўненасць у адважны позірк у будучыню давераную Міласэрнаму Богу.

Хрыстус нарадзіўся! Славім Яго!

З пажаданнямі Божага благаслаўлення і святочнымі віншаваннямі,

 Антоні Дзям’янка, Біскуп Пінскі

Вверх