Велікоднае віншаванне Біскупа Пінскага Антонія Дзямянка
Хрыстус Уваскрос як першы сярод памерлых 1 Кар 1520nbspДарагія браты і сёстрыХрыстус Уваскрос Сапраўды Уваскрос - гэтым т...
Хрыстус Уваскрос як першы сярод памерлых 1 Кар 1520nbspДарагія браты і сёстрыХрыстус Уваскрос Сапраўды Уваскрос - гэтым т...
«Хрыстус Уваскрос як першы сярод памерлых» (1 Кар 15,20)
Дарагія браты і сёстры!«Хрыстус Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!» - гэтым традыцыйным прывітаннем спяшаемся падзяліцца, складаючы пасхальныя віншаванні. Таямніца Уваскрасення Езуса Хрыста цалкам змяніла і надалей змяняе лёсы чалавека і свету. Яна прыносіць упэўненасць у трыумфе сапраўднай любові, якая перамагла смерць і ўсім людзям адкрыла перспектыву новай надзеі. Свята Уваскрасення Пана Езуса для кожнага з нас - гэта час радасці і сустрэчы нашых сэрцаў з жывым Хрыстом, які перамог смерць і грэх.
Раздзяляючы з Вамі гэтую радасць, жадаю, каб святочныя дні і далейшае Ваша жыццё было напоўнена трывалым здароўем і глыбокім духоўным досведам Пасхі і Любові. Няхай уваскрослы Хрыстус будзе для Вас крыніцай надзеі, радасці і моцы, якія дапамогуць пераадолець усе цяжкасці штодзённага жыцця.
Жадаю, каб гэта вялікая праўда аб Уваскрасенні Езуса Хрыста ніколі не была заслонена нават вялікімі зямнымі крызісамі, катаклізмамі і клопатамі. Радуемся кожнай хвілінай, якую дорыць нам Той, які стварыў неба і зямлю. Няхай радасць расцвіце ў нашых сэрцах як вясеннія галінкі вярбы, каб мы маглі дзяліцца ёю з нашымі блізкімі асобамі.
Божае Слова адкрывае перад намі сэнс балючых падзей, якія прывялі да Мукі і Смерці Езуса. Разважанне над таямніцай Хрыстовых мучэнняў за нашы грахі дазваляе нам пераасэнсаваць значэнне цяжкіх выпадкаў і сітуацый як у асабістым жыцці, так і ў жыцці Касцёла і свету. Асабліва цяпер, калі вакол нас такі неспакой, калі свет перажывае свае цяжкасці і хваробы, толькі ў Божым Слове і малітве мы можам адшукаць спакой і зразуменне падзей, якія прывялі да радаснай Пасхальнай раніцы.
На сёлетнія, так нечаканыя ў вонкавым перажыванні, Пасхальныя Святы, жадаю, каб Змёртвыхпаўсталы Хрыстус, які ў сваёй міласэрнасці захацеў ісці разам з намі і спадарожнічаць нам да Дому Айца, праявіў да нас паўнату сваёй любячай прысутнасці ў тых абставінах, у якіх мы знаходзімся, і ў тым, што нас непакоіць. Няхай кожны з нас знойдзе час на тое, каб углыбіцца ў духоўныя перажыванні і падзяліцца пасхальнай радасцю са сваім акружэннем. Святы Айцец Францішак нагадвае аб тым, што радасць хрысціяніна мае свае вытокі ў слуханні і прыняцці Добрайвесткі аб Змёртвыхпастанні Езуса Хрыста.
Жадаю шырока адкрытага сэрца на Евангелле, якое перамяняе наша жыццё, надае яму сапраўдны сэнс, напаўняе радасцю і вялікай надзеяй. Няхай Добрая Вестка аб смерці і Уваскрасенні Хрыста вызначае напрамак нашага жыцця, працы і адносінаў з людзьмі. Няхай кожны дом будзе домам Божай радасці, сяброўства, дабразычлівасці, дабрыні і святасці, дзе не будуць успамінацца ніякія крыўды, а будзе панаваць любоў, якая ўсё прабачае і перамагае.
Благаслаўлёных велікодных святаў! Хрыстус Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
Пасха, 2020