05/12/2025
Все новости PRODELO: СВОИ О СВОЕМ
Реклама на сайте Каталог компаний
Адрес: 225710, Республика Беларусь, Брестская область, г. Пинск, ул. Рокоссовского, 15А Email: media@varyag.by Рекламный отдел: +375 (29) 141-61-61 (A1 / Viber / Telegram) Email рекламного info@varjag.tv Телефон редакции +375 (29) 181-61-61 (A1 / Viber)
Общество

Католікі Берасцейшчыны прайшлі 120 кіламетраў да абраза Маці Божай у Лагішыне. Фотарэпартаж

Кожны год у жніўні дарогамі Берасцейшчыны праходзяць каталіцкія пілігрымкі да цудатворнага абраза Маці Божай Лагішынскай. Выходзяць яны з Баранавічаў і Бярозы. Сёлета паломніцтвы адбываліся з 5 па 8 жніўня. Нам удалося на некалькі дзён далучыцца да баранавіцкай пілігрымкі і асабіста перажыць гэты час.

Католікі Берасцейшчыны прайшлі 120 кіламетраў да абраза Маці Божай у Лагішыне. Фотарэпартаж

Шлях з Баранавічаў да Лагішына складаў 120 кіламетраў, а ўдзельнікамі яго сталі больш за 150 пілігрымаў розных узростаў. У гэтым годзе паломніцтва праходзіла ўжо 29-ты раз. Дэвіз шляху гучаў так: “Шляхам надзеі крочым да Марыі”. Ён звязаны з тым, што ў гэтым годзе Каталіцкі Касцёл ва ўсім свеце адзначае Юбілейны Год Хрысціянства, які спачылы Папа Рымскі Францыск аб’явіў Годам Надзеі.

Пілігрымы распачыналі свой шлях святой Імшой у баранавіцкім касцёле святога Зыгмунта. Затым вырушылі ў дарогу. Я ж далучылася да іх на другі дзень, у вёсцы Русінавічы — месцы першага начлегу.

Паломнікі праходзілі праз розныя вёскі і гарады Берасцейшчыны: Дарава, Ляхавічы, Русінавічы, Мядзведзічы, Куршынавічы, Любашава, Ганцавічы, Хатынічы, Бобрык і іншыя.

На гэтым шляху з пілігрымамі былі каталіцкія святары і законныя сёстры: кс. Віталій Меснікевіч (кіраўнік пілігрымкі), кс. Андрэй Рылка, кс. Юрый Пракапюк, кс. Павел Врубель, кс. Вячаслаў Пялінак, айцец Леанард Адушкевіч OSPPE, кс. Януш Чарнамораў, сястра Вераніка і сястра Наталля.

Кожны дзень шлях пілігрымаў распачынаўся з ранішняй малітвы ў дарозе, Нешпараў да Найсвяцейшай Панны Марыі і тэматычных спеваў. Таксама на працягу дня была малітва на Ружанцы, Вяночак да Божай Міласэрнасці, канферэнцыя, якую прамаўляў адзін са святароў, святая Імша, магчымасць споведзі ў дарозе і шмат розных хрысціянскіх спеваў.

Трывала ў дарозе і “радыё пілігрымкі”: кожны, хто хацеў, мог падыйсці да мікрафона і распавесці пра сябе, падзяліцца нейкай цікавай гісторыяй са свайго жыцця, у якой Бог яму дапамог, а таксама пажадаць штосьці пілігрымам.

Каталіцкая Царква імкнецца “ісці ў нагу з часам”, таму у Баранавіцкай пілігрымкі, як і ў многіх іншых зараз, ёсць свой інстаграм-акаўнт @baranowicze_logiszyn. Там у сторыс можна было сачыць за рухам паломніцтва, аглядаючы відэа і фота пілігрымаў, слухаючы канферэнцыі святыроў. Гэта было вельмі зручным для тых, хто не змог па нейкіх прычынах сам пайсці, але духоўна яднаўся з паломнікамі.

Для пілігрымаў было арганізаванае штодзённае трохразовае харчаванне і невялікія салодкія пачастункі на прывалах. Так што галадаць не было калі! Таксама ў паломніцтве было некалькі медыкаў, да якіх можна было заўсёды звярнуцца па дапамогу.

За музычную частку шляху адказвала свая каманда спевакоў і музыкантаў, дзякуючы якім пілігрымы маглі таксама праслаўляць Бога спевамі.

Нягледзячы на розныя фізічныя і духоўныя перашкоды (стомленасць, мазалі, сонечныя апёкі, якія былі ў некаторых пілігрымаў...), мы дайшлі да Лагішына, дзе нас сустрэў і акрапіў святой вадой кусташ санктуарыя, ксёндз Андрэй Шут.

Потым ўсе разам зайшлі ў санктуарый, каб памаліцца да Маці Божай, падзякаваць ёй за гэты шлях і час разам, а таксама скласці ўсе свае просьбы і падзякі перад яе Цудатворным абразом.

Пасля невялікага адпачынку і вячэры ўсе пілігрымы сабраліся на вечаровай святой Імшы перад касцёлам святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Лагішыне. А затым адбылася начная працэсія са свечкамі вакол касцёла.

Даведка:

Абраз Маці Божай Лагішынскай — Каралевы Палесся — гэта каталіцкі абраз, які лічыцца цудатворным. Знаходзіцца ён ў касцёле Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Лагішыне.

Ікона з’явілася ў мястэчку падчас Паўночнай вайны 1700-1721 гг. Тады афіцэр аднаго з вайсковых аддзелаў, Галабурда, перавозіў яе з сабою. Але пасля адпачынку ў Лагішыне забыўся за расчыненымі дзвярыма ў сакратара гораду — Малішэўскага. Потым Малішэўскія занеслі абраз у мясцовы касцёл.

У хуткім часе ікона пачала славіцца шматлікімі цудамі. Так, напрыклад, падчас пажару ў Лагішыне касцёл застаўся цэлым, нягледзячы на тое, што ўсе суседнія дамы згарэлі.

У пачатку 1990-х гадоў абраз Маці Божай, Каралевы Палесся, адрэстаўравалі, дзякуючы высілкам кардынала Казіміра Свёнтэка. А 10 мая 1997 года ён быў каранаваны папскімі каронамі, якія пасвяціў і адправіў у Лагішын Папа Ян Павел ІІ. У той самы дзень у Лагішыне быў афіцыйна ўстаноўлены санктуарый Маці Божай Каралевы Палесся. Маці Божую Лагішынскую абвясцілі Апякункай Пінскай дыяцэзіі. Дарэчы, ў гэтым годзе Пінская дыяцэзія адзначае 100-гадоў з моманту свайго заснавання.

Зараз штогадова ў санктуарый Маці Божай Лагішынскай прыходзяць сотні паломнікаў. У пачатку мая ў Лагішын вырушае аднадзённая пілігрымка з Пінска, а ў жніўні — працяглыя, 4-х-дзённыя паломніцтвы з Баранавічаў і Бярозы. Напрыканцы жнівеньскіх пілігрымак праходзіць Фэст Каралевы Палесся, які складаецца з разнастайнай духоўнай праграмы.

Марына Валасар, фота аўтара
  • 14.08.2025 21:31
  • 1889
Предыдущая новость
В Пинском РОВД рассказали, как распознать участие подростков в наркосхемах

В Пинском РОВД рассказали, как распознать участие подростков в наркосхемах

Следующая новость

Успенский пост и три Спаса: как православные готовятся к празднику Успения Богородицы

Успенский пост и три Спаса: как православные готовятся к празднику Успения Богородицы