Видеогалерея

Зорка iмя Уладзiміра Караткевіча з´явiлася ў сузор´i Льва

2.6K

26 лістапада ўся Беларусь адзначыла 85-годдзе са дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Успаміналі выдатнага пісьменніка і ў Пінску. Бібліятэкары Палескага дзяржаўнага універсітэта арганізавалі дзень памяці дзеяча беларускай літаратуры.

Уладзімір Караткевіч плённа працаваў як паэт і празаік, драматург, публіцыст і кінасцэнарыст. На сустрэчы ўдзельнiкi, ліцэісты Палескага універсітэта, прыгадвалі цікавыя моманты з жыцця Уладзiміра Караткевіча, праглядалі фотаздымкі і чыталі яго лепшыя творы.

З нагоды святочнай даты ў Беларусi ўдзячныя нашчадкі ўшанавалi памяць пісьменніка асаблiвым падарункам. Супрацоўнікі Аршанскага музея Караткевіча разам з прадстаўнікамі Міжнароднага зорнага каталогу ў Беларусі далi iмя беларускага лiтаратара зорке 6-й велiчынi ў сузор´i Льва.

У свой час Уладзiмір Караткевіч напісаў знакамiты раман “Леаніды не вернуцца на зямлю”, дзе Леаніды – гэта метэорны паток ў сузор´i Льва. Такім чынам, менавiта гэтую зорку абралі зусiм не выпадкова.

Жыццёвы шлях Уладзіміра Сямёнавіча звянаны і з Пінскам. Пісьменнік вельмі любіў падарожжы. І адно з іх, апошняе, было па Палессі. А напамінам пра Караткевіча ў нашым горадзе стаў помнік персанажу яго твора, які ўсталяваны на набярэжнай, ля таго месца, дзе зліваюцца Піна і Прыпяць.

Уладзімір Караткевіч стаў зоркай першай велічыні на небасхіле сучаснай беларускай лiтаратуры. Ён быў пры жыцці і застаецца зараз, магчыма, самым любімым і чытаным аўтарам у Беларусі. Яго творчасць прынцыпова адрозніваецца ад таго, што было створана да яго. Ён першы паказаў Беларусь цывілізаванай еўрапейскай краiнай. У якой ёсць ня толькі вясковыя казкі, але i багатая культурная i гiстарычная спадчына.

Анастасiя Наздрына

Вверх