На гэты раз мы рады вітаць Вас у Пінскім Заполлі, весцы, што амаль злілась з горадам. У гэтай старонцы нашага падарожжа хоць і трохі, але ўсё ж такі яшчэ пануе атмасфера шляхетнасці, і як гэта адбываецца, зараз мы і даведаемся.
Сэнс назвы Заполле немудрагелісты – яго паходжанне мае балцкія карані. І ўвогуле, такія назвы на тэрыторыі нашай краіны разпаўсьдзіліся дзякуючы крывічам. Прынцып быў даволі просты – перашлі праз рэку, заснавалі пасяленне, назвалі Зарэчча, перашлі праз лес – Залессе, а спыніліся за полем – вось Вам і Заполле.
Што датычыцца балцкіх каранёў, то яны жывы і сёння. Асабліва ў нашым рэгіёне. Па сведчаннях старадаўніх пісьмовых крыніц яшчэ на пачатку XVI стагоддзя людзі ў заходняй частцы Беларусі размаўлялі на заходне-балцкіх гаворках.
І нават зараз на Піншчыне яшчэ можна пачуць ад мясцовых жыхароў балцкае “Прысть”, што азначае роў ці канава, або “дохна” – дачка.
Заполле: з гісторыі
Але вернемся ж у Заполле. Яго гісторыя пачалася больш за пяць стагоддзяў таму. Першае прыгадванне датуецца 1488 годам, як уладанне пінскіх князёў Яраслававічаў.
У розныя часы ў Заполлі гаспадарылі прадстаўнікі магнацкіх родаў Вішнявецкіх, Друцкіх-Любецкіх, Пуслоўскіх, Плятэраў.
У XVII стагоддзі Міхал Сервацый Вішнявецкі, які быў Пінскім старастай, як кажуць, пабудаваў драўляны замак тут, у Заполлі.
Міхаіл Сервацый быў апошнім прадстаўніком свайго роду па мужчынскай лініі. І пасля смерці ўся ягоная маёмасць адышла да іншага роду – Друцкіх-Любецкіх.
****
У верасні 1784 года тут адбылася значная падзея. Заполле наведаў апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Панятоўскі.
У гонар караля на запольскім поле прайшоў парад Пяцігорскай коннай брыгады. Ім камандаваў гаспадар суседняй сядзібы генерал Твардоўскі, а ўвечары тут згадзілі грандыёзнае відовішча – раскошны баль з ілюмінацыяй. Вітаць караля сабралася не толькі заможная шляхта, а таксама тысячы сялян і гараджан.
****
З 1872 года па 1939 Заполле належыць графам Плятэрам.
Даведка. Род рыцараў фон дем Брёль, празваныя Плятэр, упершыню прыгадваецца ў хроніках з 1160 года. У XV стагоддзі рыцары Брёль-Плятэры ўдзельнічалі ў крыжовых паходах. Яны мелі велізарныя багацці. Іх зямельныя ўладанні займалі большую частку Латгаліі, частку Літвы і Беларусі. Сярод Плятэраў былі выдатныя навукоўцы, дзяржаўныя дзеячы, удзельнікі паўстанняў, пісьменнікі і рэфарматары. У цяперашні час род Плятэраў налічвае прыкладна 80 мужчын.
Апошні ўладальнік Заполля – Стэфан Бройль-Плятэр разам са сваёй жонкай пабудаваў дом з характэрнымі рысамі барокка і неакласіцызму.
***
Зараз у “палацы”, як завуць гэтае месца тутэйшыя, жывуць звычайныя людзі. Вера Жук спадарыць тут ужо больш за 30 гадоў.
Шмат першапачатковых элементаў захавалі і інтэр’еры маентка: вокны і паркет, печ для абагравання пакояў, – расказвае Вера Сцяпанаўна. І дадае: нават уся праводка захавана пад тынкоўкай, што было дзівам для савецкага чалавека.
Плятэры заставілі нашчадкам і яшчэ адзін напамін. Камяні з памятным надпісам. Верагодна, тыя, што закладваліся пад-час будаўніцтва сядзібы
Вера Жук успамінае, што гадоў 20 таму Заполле наведаў нашчадак Плятэраў.
Праз гэта і даведаліся, што графіня Плятэр разам з мужам будавалі гэты дом для сваіх унукаў. Самі яны жылі ў Вільне, а Заполле наведвалі толькі ўлетку.
Добра вядомы і той факт, што пад час другой сусветнай вайны у “палацы” знаходзіўся штаб афіцэраў рэйхстага.
***
Але ад былой прыгажосці мала што засталося. Да і тое толькі намаганнямі сучасных жыхароў дома. З 2003 года гэты будынак ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Сядзіба літаральна прыходзіць у заняпад. І каб захаваць цяперашні стан, будынак трэба ня толькі абараняць законам. Відавочна, тут патрэбна хоць бы частковая рэканструкцыя.
Заполле: наш час
Сёння Заполле – адзін з насельніцкіх пунктаў Аснежыцкага сельсавета. Дэмаграфічная сітуацыя тут мае некаторыя перспектывы. Насельніцтва прыбаўляецца – зараз у вёсцы пражывае прыклдна 1450 чалавек. У параўнанні з 2010 годам павялічылася на 215 чалавек.
Ад Пінска Заполле адмяжоўваецца толькі адной вуліцай. З-за такой блізасці да горада ні школа, ні дзіцячы садок тут не прадугледжваліся – іх наведваюць у горадзе.
Веска, калі так можна назваць пасяленне сёння, за апошнія гады значна пашырылася і абнавілася. Тут будуюцца новыя, сучасныя дамы, пракладваецца асфальтавая дарога, чаго не скажаш пра многія іншыя вёскі.
Заполле: асобы
З Пінскім Заполлем звязана ўсё жыццё Дануты Іосіфаўны Малашчыцкай. Яна нарадзілася пад час вайны, у 43 годзе. Яе маці была Пінчанка, а бацька – з Галева. Пасля школы ў 1959 годзе яна паступіла ў сельскагаспадарчы тэхнікум у Заполлі .
Тады ў будынку сядзібы – успамінае зараз Данута Іосіфаўна – знаходзіўся Лабараторны корпус. А ў навакольным прыгожым парку студэнты бавілі вольны час.
Пасля заканчэння навучання Данута вярнулася ў той жа тэхнікум. Дзе шмат гадоў працавала выкладчыцай, аддаючы шмат сіл, ведаў і нават здароўя сваім навучэнцам.
***
Мінула яшчэ адна старонка нашага падарожжа. Будзем спадзявацца, што своеасаблівы шарм даўніны, якім прасякнута Пінскае Заполле, ня сыдзе ў нябыт, а гістарычныя мясціны набудуць новае жыццё.
Аўтар: Анастасія Наздрына