Частное объявление бегущей строкой на сайте! 3 дня за 3 рубля! Тел. 61-61-61
Поздравления, объявления (стол заказов) – 8-(0165) 62-47-48, +375-44-569-87-47 (А1, Viber), пн. – пт. – с 8.30 до 18.00 (без перерыва на обед), сб., вск., праздничные дни — выходные

Видеогалерея

У Пінскай дыяцэзіi новы святар: пасвячэнне прыняў дыякан Антон Анціпенка

1.6K

Значная падзея адбылася ў Пiнскай дыяцэзii. У суботу 10 чэрвеня ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі дыякан Антон Анціпенка атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра.

Для беларускіх католікаў пасвячанне новага святара – гэта асаблівая падзея. Што тычыцца Пінскай дыяцэзіі, якая з’яўляецца амаль што самай вялікай у Беларусі і ахоплiвае Брэсцкую і Гомельскую вобласці, пасвячэнне новага ксяндза набывае тут яшчэ большую значнасць.

Трэба адзначыць, што сёння каталіцкіх святароў у Беларусi недастаткова. І гэта пры тым, што ў краiне працуюць дзве духоўныя семінарыі: у Гродна і Пінску. Як адзначае Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр, прадстаўнік Папы Рымскага ў Беларусі, сёння беларускі Касцёл яшчэ мае вялікую патрэбу ў дапамозе святароў з-за мяжы: «У беларускага Касцёла яшчэ шмат працы, таму што немагчыма так хутка аднавіць той час, які быў страчанны ў камуністычны перыяд, але мы з нашым духавенствам і вернікамі прыкладваем вялікія намаганні. Хрыстовы Касцёл існуе ўжо дзве тысячы гадоў, і наступныя дзве таксама будзе iснаваць».

Пасвячэнне новага святара – вельмi ўрачыстая падзея. Традыцыйна ў катэдральным касцёле збiраюцца ксядзы з усёй дыяцэзіі. Падчас святой Імшы адбываецца некалькі важных момантаў. Дыякан ляжыць крыжам перад алтаром, а ў гэты час духавенства і вернікі спяваюць літанію – спецыяльную малітву да Усіх Святых з просьбай аб дапамозе. Пасля, згодна з традыцыяй, біскуп ускладвае рукі і благаслаўляе дыякана, чытаюцца малітвы. На дыякана апранаюць арнат – і даюць хлеб і віно, сімвалы цела і крыві Хрыста.

Прыняцце ў супольнасць святароў заканчвае абрад пасвячэння. З гэтага моманту дыякан становіцца святаром і адпраўляе імшу разам з усімі. Гэта вельмі ўрачысты і радасны момант для усёй мясцовай супольнасці вернiкаў, духавенства, родных і блізкіх новавысвечанага ксяндза.

Сёння ў Пінскай дыяцэзіі налічваецца амаль 50 тысяч вернiкаў. У асноўным гэта супольнасці ў абласных і раённых цэнтрах. Існуюць таксама парафіі ў сельскай мясцовасці, у якіх служаць святары з паблізных гарадоў. Некаторыя з іх абслугоўваюць па два-тры вясковыя касцёлы. Але, як адзначае Габар Пінтэр, рэлігійнае жыццё адраджаецца. І гэта дае вялікую надзею бачыць беларускі Касцёл жывым і дынамічным.

Вверх