Частное объявление бегущей строкой на сайте! 3 дня за 3 рубля! Тел. 61-61-61
Поздравления, объявления (стол заказов) – 8-(0165) 62-47-48, +375-44-569-87-47 (А1, Viber), пн. – пт. – с 8.30 до 18.00 (без перерыва на обед), сб., вск., праздничные дни — выходные

Культура

Трэці том выдання «Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі» прэзентавалi ў Пiнску

Книга - фото
3.1K

У выдавецтве «Беларуская навука» выйшаў трэці том акадэмiчнага выдання «Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі», прысвечаны жыццю і творчасці знакамітай беларускай паэткі. Прэзентацыя кнігі адбылася 29 лістапада ў Пiнскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Яўгеніі Янішчыц.

Больш за 350 матэрыялаў тома апублікаваны ўпершыню. Апрача вершаў, у зборнік увайшлі ўспаміны 46 пісьменнікаў і знаёмых. Адзін з самых кранальных – успамін маці паэткі, Марыі Патапчук.

Як і два папярэдніх тома, зборнік выйшаў накладам 500 асобнікаў, але з-за колькасці матэрыялу атрымаўся большым па аб’ёме.

Кніга была падрыхтавана паэткай і блізкай сяброўкай Яўгеніі Янішчыц Тамарай Аўсяннікавай і старшым навуковым супрацоўнікам Цэнтра даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры, кандыдаткай філалагічных навук Святланай Калядка.

Асаблівае месца ў томе займае раздзел «Вучнёўскія і недапрацаваныя творы». Тамара Аўсяннікава і Святлана Калядка доўгі час не маглі вырашыць, ці трэба ўключаць у зборнік недапісаныя і дзіцячыя вершы Яўгеніі. Але ўсё ж дадалі. Па словах Тамары Аўсяннікавай, праз вучнёўскія творы настаўнікі могуць паказаць дзецям, як узрастаў талент Янішчыц. Як з твораў школьных, дзесьці слабых, яна ператваралася ў сапраўдную паэтку.

Яўгенія Янішчыц амаль ніколі не ставіла даты напісання вершаў. Таму пад час працы над томам узнікла пытанне: у якой чарзе публікаваць творы? Было вырашана ставіць па алфавіту.

Кніга ўжо з’явілася ў пінскіх бібліятэках. Жадаючыя набыць трэці том выдання «Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі» могуць звярнуцца ў выдавецтва «Беларуская навука» і атрымаць кнігу па пошце.

Падчас мерапрыемства гучалі песні, напісаныя на вершы Яўгеніі Янішчыц, чыталіся яе творы і ўзгадваліся моманты з жыцця паэткі. Так, пляменніца Яўгеніі, Таццяна Міхалаўна, распавядала пра вясельныя песні, якія Жэня Янішчыц пісала на палескім дыялекце па заказе свайго брата. Але нічога з напісанага, на жаль, не было захавана.

Апошняя частка чатырохтомніка з’явіцца ў наступным, 2020 годзе. Сюды будуць уключаны інтэрв’ю з Яўгеніяй Янішчыц і крытычныя артыкулы. Гэтак жа плануецца дадаць дыск з песнямі на яе вершы і дакументальным фільмам пра паэтку.

Вверх