Сёлета ў Беларусi адзначаецца 500-годдзе выдання Ф. Скарынай яго першага друкаванага твору. Да юбiлея беларускага кнiгавыдання па ініцыятыве Нацыянальнай бібліятэкі краiны сумесна з Беларускім Знешнеэканамічным Банкам быў рэалiзаваны маштабны праект па аднаўленнi ўсіх выданняў і твораў Скарыны. Першы поўны факсімільны збор з`явіўся і ў Пінску – 20 тамоў перададзены ў бібліятэчны фонд духоўнай семінарыі імя Тамаша Аквінскага.
Тэксты складзены на трох мовах: беларускай, англійскай і рускай. У збор уваходзіць 20 тамоў – гэта кнігі, надрукаваныя Францыскам Скарынай, пачынаючы з 1517 года. Тут і ягоны знакаміты «Псалтыр», і «Апостал», і «Малая падарожная кніга» ў двух частках.
Уваходзiць у збор таксама i асобнік «Вяртанне» – выданне, прысвечанае самаму праекту. Напрацягу некалькіх гадоў над яго рэалiзацыяй карпатліва працавалi навукоўцы з Беларусі, а таксама супрацоўнікі замежных музеяў, архіваў і бібліятэк.
Для Пінскай Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыi імя Тамаша Аквінскага атрымаць такі падарунак – вялікі гонар. Тым больш, што надрукаваныя Скарынам кнігі – біблейскага зместу. Гэта каштоўная магчымасць бліжэй пазнаёміцца з культурнай, навуковай і духоўнай спадчынай Беларусі.